РЭ́ЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1952, адкрыты ў 1954 (у 1962—64 не працаваў) у г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 377 м², больш за 21 тыс. экспанатаў асн. фонду, 3 аддзелы, выставачная зала (2002). Сярод экспанатаў каменныя і крамянёвыя прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 7—3 ст. да н.э. з археал. помнікаў раёна, скарбы манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, інтэр’ер сял. хаты і нац. адзенне пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі ваеннай інтэрвенцыі 1918—20. калектывізацыю, рэпрэсіі 1930—50-х г., пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, злачынствы ням. фашыстаў, агучаная дыярама пра фарсіраванне сав. войскамі Дняпра на Пд ад Рэчыцы. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў — Герояў Сав. Саюза, удзельнікаў вайны ў Афганістане 1979—89, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у 1986 і інш. Музей праводзіць выстаўкі твораў прафес. і самадз. мастакоў, вырабаў нар. ткацтва, дзіцячай творчасці, дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., выпускае буклеты пра гіст. мінулае горада і раёна.

І.​А.​Шафір.

т. 14, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)